Гэтая ўражлівая, амаль бязмоўная гісторыя нарадзілася з пошуку фотаматэрыялаў па гісторыі Паставаў. Сёрфуючы па бязмежных прасторах інтэрнэту, трапіўі на цікавы польскамоўны сайт
http://postawyiokolice.blogspot.com/ аўтарства Генадзіюша (Геніка) Квіткоўскага, прысвечаны Пастаўскай пальшчызне.
Уласна ў Польшчу Паставы ўваходзілі кароткі прамежак часу з 1920 да 1939 гг., усяго менш за 20 гадоў пасляваеннага і паслярэвалюцыйнага, і зноў пасляваеннага аднаўлення і перабудовы. Ці варта было чакаць нейкіх значных паляпшэнняў, тым больш, што Пастаўшчына была глухой ускраінай, kresami, што для Расеі, што для Польшчы. Для нашага падарожжа няма такой мэты дэталёва разабрацца ў ваенных, эканамічных, сацыяльных і іншых перыпетыях гэтага гістарычнага перыяду. Турыст засумуе, а то і засне!
Але гэтыя фатаграфіі з сайта мяне проста ўразілі. Уразілі твары, уразіў стыль, уразіла атмасфера. Спачатку здалося - выпадковасць. Не, усе фатаграфіі людзей розных узростаў, статусу, абставінаў працятыя адзінай ніткай, чынам таго часу, той тагачаснай Пастаўскай светабудовы.
Я зразумеў, што без гэтых фота зразумець Паставы немагчыма. Яны, гэтыя фатаграфіі, мне здаецца, нават важней для нашага сэнсавага падарожжа, чым карцінная галерэя, сабраная Канстанты Тызенгаузам, і шматлікія сведчанні зухаватасці ў эстэтыцы разбурэння, як 19-га, так і 20-га стагоддзяў, і калекцыя сыроў мясцовай вытворчасці. Вось дзе скарб, дык скарб!
У гэтым выпадку няважныя прозвішчы, дакладныя даты, месцы здымкаў, кампазіцыі, якасць фатаграфій, пікселі не істотныя. Не, зразумейце правільна, вядома важныя, але ў сто разоў важней іншае. І гэта нават не эмоцыі, не адчуванні такіх найважнейшых абстрактных рэчаў, як энергія, прыгажосць, каханне. Па-мойму, яны дасягаюцца майстэрствам аўтара, мастака, фатографа, скульптара. Тут іншае. Тут названыя аспекты знівеліраваны за кошт выпадковасці фатаграфій. А ў астатку, як у парфумера, тонкі водар часу, які атрымліваецца толькі з нейкай невылічаемай камбінацыі дыхтоўнай субстанцыі зыходных кампанентаў, у нашым выпадку, уласцівасцяў і прыярытэтаў менавіта той эпохі і месца. Абмоўлюся, што ўсё сказанае не азначае велічы і грандыёзнасці таго часу, хутчэй, грандыёзныя часы і падзеі пахнуць дрэнна, і вам відавочна вядомы такі пах.
Так, пах добра тлумачыць сутнасць знойдзенай намі з'явы. І таму для атрымання неабходнага эфекту патрэбен некавідны і непракураны нос і, вядома ж, гатоўнасць да чараўніцтва.