Мне не даюць грыбы спакою

Дзмітры Важнік
Юры Важнік
2021
Якуб Колас
Урывак з паэмы "Новая зямля"

Мне не даюць грыбы спакою,
Баравікі мне часта сняцца,
Мне з імі трэба паквітацца;
Я чую — грэх іх абмінуць,
На іх увагі не звярнуць.
Чорнагаловыя, ўдалыя,
Баравічкі мае любыя!
Якою слаўнаю сям'ёю
Вы ўстаяце перада мною!
...
Стаіш, бы ўкопаны, прад імі
I прагна мерыш іх вачымі,
Яны ж, ну, вочы адбіраюць,
Цябе аж дрыжыкі праймаюць:
Так многа іх, і ўсе таўсматы,
Прыземісты, карэнкаваты,
Чорнагаловы, паўнацелы,
Як тонкі кужаль, знізу белы;
Сядзяць асобна і радамі,
А дзе і зросшысь спарышамі.
Што ні асоба — свой узор,
Свая пасада і свой двор.
Глядзіш на іх — і сэрцу міла,
Як бы з іх сходзіць нейка сіла,
Цябе чаруе, захапляе,
Па жылах радасць разлівае.
Дадому прыйдзеш, ляжаш спаць —
Так уваччу яны й стаяць...