ЗАГІБЕЛЬКА ЛЕПШ ПАРЫЖА
Адысея
Прадмова (разгарнуць)
Прадмова
Герой нашага падарожжа народны паэт Беларусі Якуб Колас. Мусіць няма таго беларуса, хто б ня ведаў гэта імя, такі код, хутчэй за ўсё ў спалучэнні з імем Янкі Купалы. Як заўсёды ў такіх выпадках існуе кананічны вобраз, для большасці – гэта помнік у цэнтры Мінска. Просты, грузнаваты пажылы дзядзька з вусамі адзеты ў абавязковы балахоністы касцюм з гальштукам па звычаю 1950-х. І калі вы ўбачыце фота з іншых часоў, ці пазнаеце?
Якуб Колас – самы, што ні на ёсць беларус, так мовіць, беларус пад першым нумарам. А хто ж яшчэ? Раней была Літва з пальшчызнаю, і калі б мы ў вочы сказалі, напрыклад, ўраджэнцу Наваградчыны Адаму Міцкевічу, што ён беларус, думаю, той моцна б здзівіўся. Беларусь – краіна сялян, простых людзей, або, як трапна сказаў другі прэтэндэнт, а на самой справе - альтэр эго Янка Купала, тутэйшых.

Якуб Колас нарадзіўся і вырас тутэйшым беларусам з беларускаю моваю, ад малака маці да скону. Просты невыразны выглядам, просты непатрабавальны ў побыце, кемлівы, ня надта глыбока і сістэмна адукаваны, спрытны і талерантны ў звычайных для сябе справах, пуглівы і асцярожны ў незвычайных сітуацыях пры невядомых наступствах, моцны і бясконца цярплівы станавай жылай, слабы ў грамадскіх лабірынтах, зразумелы нам сваімі спектрамі "дабрыні-зайздрасці-нянавісці", паважлівы-злы да паноў, пагардлівы-гідлівы да падпанкаў, недаверлівы-чужы да іншых. Толькі не злуйцеся на гэткія фармулёўкі, а лепей дадайце свае.
Лёс
1
Навука першая – дзяцінства, юнацтва, што ў "Новай зямлі" апісана, падоўжана ў школцы прыходскай, настаўніцкай семінарыі, і што скончылася са смерцю бацькі.
2
Навука другая - з вопыта маладога настаўніка, які жадае палепшыць дрэнны свет, а пападае на выпраўленне на тры гады ў астрог.1.Навука першая – дзяцінства, юнацтва, што ў "Новай зямлі" апісана, падоўжана ў школцы прыходскай, настаўніцкай семінарыі, і што скончылася са смерцю бацькі.
3
Навука трэцяя, дзеля каторай, не дай бог жыць эпохаю рэвалюцый настаўнікам на чужынцы, але калі ты шукаеш, то павінна быць выйсце.
4
Беларусіада, або як прагнулі перамогі агнеборныя апантаныя мужы, словам падобныя Зеўсу, і гэта амаль удалося, толькі крыху не хапіла, ці траянскі конь Інбелкульта
5
Адысея, або падарожжа, калі ты дарэмна шукаеш роднага месца, амаль усе богі табе адказалі ды супраць, а твайго палку ўсё становіцца меньш і не прыбывае, ды і Талька зусім не Ітака
6
Θάνατος μετά το δρόμο του Οδυσσέα Тое, што звычайна адбываецца пасля Адысеі, або невясёлая адзінота з няўхільнай старасцю і бяссіллем, якія не выправіць ордэнамі, членствамі і заклінаннямі ці міністр грыбной гаспадаркі.
Нарэшце, Якуб Колас, нібы той Саваоф сусвет, стварыў, сфармуляваў Беларусь як "Новую зямлю". Але ж як сапраўдны беларус, стварыў толькі для такіх, як сам, тутэйшых. Бо якую з'яву свой не пачне раскопваць, рыдлёўка бразне аб камяні "Новай зямлі", а хтось іншы, вось тут побач, у гэтым самым месцы, правальваецца нібы пад ім дрыгва, ці то нейкае смецце, ці ўвогуле нічога няма. Хоць ты карыстайся ў якасці сімвала веры, ці сапраўдны беларус ці не.

Так і ў будучым, калі чытачу стане незразумела: навошта ім да патрэбы была тая зямля, што такое клёцка, чаму ўсе паны дрэнныя, сённяшняя Беларусь як тая хмарка разыйдзецца, можа, нават і з маланкамі і пераўтварыцца ў нешта новае, як у свой час сталася з Літвою.

Сапраўды, "Новая зямля" – падмурак беларушчыны, бо той першапачатковай Беларусі няма і ніколі ўжо не будзе.

Беларус звычайна не сам выбірае лёс, але ж рэдкасць, калі бог накануе. Лёс Коласа, як наша дарожка – напрамак ёсць, а так круціцца сабе калі беражком, калі вакол груда, дзе гразка, дзе траска. Амаль да 40 год узросту лёс марнаваў, то ў настаўнікам, мала што не дарэктарам, то ў турму, то нейкім малагодным ваякам, то Перм, то Курск з 20 бульбінамі на ўсю сям'ю на тыдзень. Гэтыя тры навукі нагадалі чаго рабіць не трэба, высушылі ды наказалі цярпець. А далей богі проста далі шчаслівы білет: Давай у Мінск! Уяўляеце, якая верагоднасць той загадкавай позвы, 3 гады пасля рэвалюцыі, грамадзянская вайна, кранштацкі мяцеж, з Пілсудскім яшчэ не скончылася, разруха, сядзіш сабе ў Абаяні, ну і радуйся што з галадухі яшчэ жывы, у 1921 г. з голаду ў Расіі памерла больш за 6 міл'ёнаў чалавек. Разумееце, гэта ж тэхнічна немагчыма празнаць дзе ты, што ты, верыце, смартфонаў тады не было. Кажаце вершы? Якія вершы? Песні жальбы? Казкі жыцця?

Такое сёння не ўявіць, каб нехта з Наркамасветы праз два месяцы! пасля яго ўтварэння, ведаў, што ёсць такі будучы класік недзе пад Курскам і пастараўся каб той абавязкова прыехаў у Мінск, даў ўпаўнаважанага, вагон. Да таго ж у гэты ж час другі класік Янка Купала пад хатнім арыштам, у яго на кватэры быў зроблены ператрус, а архіў адвезены ў ГПУ. Хто быў добрым геніем для Коласа невядома: ці дзядзька Лёсік, ці Чарвякоў, ці хто яшчэ? У якія часы бюракратычная машына ў тых складаных умовах спрацавала добра. Мусіць тое цуд, што рэдка так у беларуса бывае. Наша сціплая Радзіма часцей рассявае сваіх дзяцей па свеце і не надта перажывае за іх знешні лёс. А тут слаўна атрымалася, можа калі яшчэ атрымаецца.

Здаецца, толькі ў знак падзякі да рэспублікі пішы, паэта, сачыняй, працуй. Твой час! Вось яна, Беларусіяда! Загулі, засноўдалі сацыяльныя ліфты. Адкуль узяліся тыя паэты, Маладняк? Адкуль тыя навукоўцы, Інбелкульт, Акадэмія навук? І Якуб Колас з другога рада на фота аказаўся на самай быстрыні плыні. Усяго за 5 год Народны паэт Беларусі (гэта таксама камусьці трэба было прыдумаць!), уся краіна святкуе 20! год творчай дзейнасці.

~
Ну дык паведайце, Музы, што існы ў вяршынях Алімпу:
Вы, бажаствы, вы паўсюды, ведаеце ўсё ў паднябессі;
Мы ж нічога не ведаем, толькі плёткі розныя чуем:
Вы мне паведайце, хто правадыр, той хто жыцця не бярог;
Усіх астатніх я б не змог ні назваць, ані пералічыць,
Ці калі б меў досыць часу, каб меў дзесяць лужаных горлаў,
Ды каб меў моцны паўсюль чутны голас і медныя грудзі;
Ці ж тады б, нябесныя Музы, дачкі вялікага Зеўса,
Мы разам успомнілі ўсіх, хто стараўся над Беларуссю,
Іх сапраўды было шмат, іх тысяча і тысяча тысяч.

~
Але тым жа часам аднекуль узяліся і таксама хутка навучыліся стрыжаныя хлопцы ў фуражках. Далей – іх пара. Хто з грэчаскіх богаў апошні? Дык гэта старая маці, хоць сваёю смерцю, як магла папярэдзіла. Ды ніяк не пачулі. Самае дрэннае, што Беларусіяду прайгралі ўсе. Хто страціў Літву, хто - Рэч Паспалітую, хто – Расію, ды ці аб такой Беларусі марылася. Чарговы раз "сжата" пакаленне ўжо новай Беларусі. "Як каласы пад сярпом тваім". Ды і той, хто "жаў"атрымаў ці тую ж кулю, ці пуцёўку ў пекла. Астатнія, хто колькі, згубілі волю, сорам і добры розум ды акунуліся ў жах, забыццё і нявер'е да скону. Такой камандай не пабудуеш рай ані на зямлі, ані на нябёсах.
Мы сустракаемся ў нашым падарожжы з Якубам Коласам 50-гадовага ўзросту. 1932 год. За спіною юнацтва, настаўніцтва, астрог, рэвалюцыйныя турботы, Інбелкульт. Ужо жывы класік нацыянальнай літаратуры, які адсвяткаваў 25-годдзе творчай дзейнасці. Народны паэт новай сацыялістычнай Беларусі. Акадэмік, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР. Член Цэнтральнага выканаўчага камітэта ЦВК БССР, тагачаснага парламента. Ужо ёсць геніяльная "Новая зямля", вяршыня, якая ахінула ўсю эпоху.

Майстэрскі засвоены харэй. Вершасклад графічна вельмі падобны на добра ўзаранае поле. З сінкопамі – зменамі рытму, якія далі падставу для пранікальнай у глыб душы музыкі Ігара Лучанка.

-/-/-/-/- а
-/-/-/-/- а
-/-/-/-/- б
-/-/-/-/- б

-/-/-/-/- а
-/-/-/-/- а
-/-/-/-/- б
-/-/-/-/- б
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю
I там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку

-/-/-/-/- а
-/-/-/-/- б
-/-/-/-/- б
-/-/-/-/- а
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя,—
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

-/-/-/-/- а
-/-/-/-/- б
-/-/-/-/- б
-/-/-/-/- а
-/-/-/-/- а
-/-/-/-/- б
-/-/-/-/- б

Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькае ложа
I елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар расставання.
Слухаць болей
Трэба ж так, што выпадкова ці не, бадай з аднаго месца, раней сэрца Літвы, пазней сэрца Беларусі з інтэрвалам у стагоддзе выйшлі два чалавекі з аднолькавым прозвішчам Міцкевіч і напісалі два геніяльных вершаваных эпасы "Пан Тадэвуш" і "Новая зямля". Гіганцкія па аб'ёме, абодва за 10 тысяч радкоў, кожны эпас – манументальны помнік нашай дзівоснай Радзіме: першы – Літве часоў Рэчы Паспалітай, другі – Беларусі часоў Расійскай Імперыі. Яны змяшчаюць усё: настрой эпохі, пануючую філасофію, ідэалы, дэталі побыту, моўныя абароты, але гэтым жа часам крызіс. Бо ў 1930-31 гг. рэпрэсаваны "Саюз вызвалення Беларусі" - ці то рэальная, ці то надуманая АДПУ нацыянальна-дэмакратычная арганізацыя. Гэта справа датычылася больш за сотню дзеячаў урада, навукі і культуры. Уяўляеце, арыштаваны і сасланы амаль усе калегі па Інбелкульту, арыштаваны і сасланы родны дзядзька Язэп Лёсік, скончыў жыццё самагубствам прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, а цябе пакуль нібы не чапаюць! Пакуль!
Члены Інбелкульта
З іншага боку, са ўсяго спісу толькі двое ў выніку раскаяліся і засталіся на свабодзе – два класікі беларускай літаратуры Колас і Купала. Тады іх класічнасць і выключнасць не была настолькі відавочнай. Да таго ж Янка Купала ў роспачы спрабаваў забіць сябе.

Ванда Лявіцкая, дачка Ядвігіна Ш., жонка Язэпа Лёсіка напісала падруге Зосьцы Верас: «Наша пакаленне зрабiла сваю справу. Заплацiла хто чым мог — моладасцю, дабрабытам, здароўем. А шмат хто — мукамi i кроўю, жыццём. Мабыць, так трэба — усё добрае не радзiцца без ахвяр... Асабiста я думаю, што жыццё i сiлы нашы былi аддадзены ў той час, калi былi патрэбны i калi яны ў нас былi. Няхай цяпер працуюць маладыя. У iх сiлы, асвета, навука — i няхай працуюць так, як патрабуе час i яго патрабаваннi».

Але ж як бы то ні было, у любым разе, папішыце вершы, ці будзе пісацца!

А ўвогуле, то быў ня просты крызіс, мусіць, то быў злом. І пяць ордэнаў Леніна ў блізкай будучыні мала што азначаюць. Параўнуйце "Рыбакову хату" і "Новую зямлю", ды хоць па назве.
Вось цяпер самы час перайсці да Адысеі.

Чаму менавіта да Адысеі? Таму што шмат падобнага.

1. Гамер апісаў вельмі значныя для антычнай Грэцыі падзеі Траянскай вайны. На працягу 10 год шэраг грэчаскіх царстваў ваявалі з Трояй ці Іліонам з-за Алены Прыгожай, але хутчэй, за справядлівасць. Ды ніяк каманда Адысея, Ахілеса не магла перамагчы, пакуль не ўзялі хітрасцю – траянскім канём. Аналогія відавочная. Амаль 10 год ішла беларусізацыя. Па-беларуску шмат пісалася, створана тэрміналогія, правапіс, больш за палову дзяржаўных ўстаноў вялі справы па-беларуску. Ды не нашлося хітрамудрага Адысея, не хапіла траянскага каня, канчатковай перамогі не адбылося.

У другой паэме богі 10 год вадзілі па свету Адысея, падвяргаючы ўсялякім, парою смяртэльна небяспечным іспытам, пакуль не дасягнуў ён роднага месца, сям'і. Амаль так і наш герой 10 год шукаў сабе места сярод смяртэльных небяспек і богі штогод напраўлялі яго на новае месца – а можа тут? Ці тут?

2. Зразумела, іншыя часы, іншыя абставіны. Спытаеце, як можна раўняць цара старажытнай Ітакі і сына простага лесніка. Па-першае, Ітака – невялічкая выспа ў Іанічным моры, плошчай 39 кв.км, непараўнальная не тое што з нашым Пухавіцкім раёнам, але ж у пяць разоў меньшая за любы сельсавет. Вось табе і цар… Блужскага сельсавета. Па-другое, калі ўсе коласаўскія пасады і рэгаліі пералічыць, дык і Колас не просты.

Карацей, статус выносім за дужкі. Застаецца лёс. А калі спросцім экзотыку кшталту цыклопа Паліфема, лотафагаў, сірэн, ды Сцыллы з Харыбдай, застаецца схема, прынцып: часам за нешта богі мусяць угнявіцца ды насылаюць навалу калі ў выглядзе бясконцага, небяспечнага, бессэнсоўнага падарожжа, а калі неяк і горш. У гэтай сітуацыі герой выкручваецца, пападае, як кажуць "з агня ў полымя", угаворвае аднаго бога, другога і ў рэшце рэшт абавязкова праз доўгі час, дасягае мэты. Дадам, звычайна аўтару нецікава, што будзе з героем апасля, гэта ўжо іншая гісторыя.

3. З успамінаў Міхася Міцкевіча, сына Якуба Коласа: "Памятаю, прыходзіў брат маці Аляксандр Дзмітрыевіч Каменскі. Па вечарах ён расказваў аб прыгодах Адысея. І заўсёды перад сном я прасіў: «Дзядзя Саша, раскажы мне пра Адысея!»"

Аляксандр Дзмітрыевіч Каменскі больш за 20 год пражыў у сям'і Якуба Коласа.

Лютаўскай ноччу 1938 года да дому пад'ехаў "чорны воран". "Бацька падумаў, што гэта па яго, не паспеў апрануць пільчак, але аказалася, што прыехалі забіраць дзядзьку Сашу".

Як стала вядома шмат пазней з архіўных дакументаў, дзядзьку арыштавалі, каб выбіць з яго паказанні супраць Якуба Коласа, ды сгінуў дзядзька праз тры гады ў Пермскім краі падчас такой вайны і ў такіх абставінах, што Гамеру не стала бы столькі фантазіі
~
Так увесь дзень да захаду сонца блаславеныя богі
Усе святкавалі, душу цешыўшы на баляванні сумесным
Гукамі ліры цудоўнай, якая грала ў руках Апалона,
Спевамі Муз, адпавядаўшых мелодыі голасам чыстым.
Але, як цемра наплыла павольна на светлы дыск сонца,
Богі, каб адпачыць, зысці мусілі па асабістых кватэрах,
Дзе кожны нябесны сваё месца меў на горным Алімпе,
Што ім мудры Гефест-Ёсіф задумкай сваёю азначыў.
Зеўс, той у спальню сваю адышоў, старшыня алімпійскі,
Дзе заўсёды ён спаў, дзе сны сніў шматкаляровы, салодкі;
Там, пазяхнуўшы, заснуў, побач сцішылась верная Гера.
А нехта сышоў з неба долу ў ссылку ці, нават у лагер,
Каму сховішчам стала Талька ці конь дармовы траянскі.
Хто ў выніку перамог будзем бачыць пасля Адысеі.
Муза, скажы пра таго, што шмат досведу мае, героя,
Як, блукаючы доўга з дня, калі богі далі яму плёну,
Многія месцы, людзей ён наведаў і звычаі бачыў,
Сапраўды сэрцам шмат смуткаваў, прагнучы выратавання
Жыцця свайго і вяртання дадому ўсіх, хто быў побач;
Дарэмны быў клопат, не збярог ён нікога: быццам самі
Гібель яны на сябе наклікалі свавольствам, вар'яты,
Забыўшы моц, таго, хто ходзіць над намі, хто нас пільнуе, —
Надзею вяртання ў іх ён выкраў. Дык скажы ж нам пра гэта
Што-небудзь, бога Зеўса дачка, добразычлівая Муза.
~
Коласаўскія мясціны ў Пухавіцкім раёне
1933/34 - Талька (у Яўсейчыкаў)
1935 - Загібелька (у В. Бранавіцкага)
1936 - хутар А. Асіеўскага (в. Падбярэжжа)
1937/38 - х. Вусце (Я. Рымашэўскі)
1939/40- Беразянка (А. Шчэрба)
1946/1956 Балачанка (Канстанцін Сцяпанавіч Дзятка)
Пухавіцкая адысея

Зараз нам трэба ладзіць кароткі росказ, каб падарожжа
Не было бессэнсоўным, а наадварот, стала карысным.
Спярша будзе тэзіс, аб тым, што ні нова нішто пад луною
Ды ўсё было ўжо калісьці. Тэзіс другі, што старажытныя дзеі
Пакажуць нам хібы ў мінулым і не дадуць памыліцца.
Здаецца ўсё проста , але зноў мы прапусцілі заняткі,
Муза Кліо расчаравана ды на нас трохі злуецца.
Ну нічога не зробіш, будзем вучыцца падчас падарожжа.

І каб прарока не аставіць сам насам з роднай Айчынай,
Скінем усё на Гамера, той адпіша на Адысея,
Ну а таму ўжо некуды дзецца, ён і так ў падарожжы.
Хай наша гісторыя будзе грэчаскай старажытнай,
Бо грэкам усё тое роўна, а нам куды ёсць схавацца,
Скосіць вочы: "Гэта не мы, гэта музы!" - хітрыкам простым.
Хаця як не круці - не дапаможа. Богі ўсё бачаць,
А Зеўс грамавержац дасць нам дыхту дзеля навукі

Дзесяць год адысеі пачынаецца з разрабавання Кікона,
Бы каманда Ітакі пераможцамі Троі ўзяла права
Нішчыць ды грабіць. І мы за будоўляй сваёй Беларусі
"O Litwo! Ojczyzno moje!" забылі і ліцвінаў згубілі.
Тое забыцце адправіла нас ў невядомыя моры
і буры бясконцы, бо калі нешта ты сам проста зменіш,
то і іншыя зменяць тое па-свойму гэтак жа проста,
І гэтыя змены наўрад ужо будуць нам падабацца.

Нашто Кікон рабавалі, увогуле нам зразумела.
Калі хто нешта мае, дык цяжка пазбегнуць спакусы,
Каб ад зайздрасці пажадаць маёмасцю той падзяліцца.
Таму бедны пана ня любіць ні ў жыцці, ні ў літаратуры.
Іншая справа калі ежы-шчасця багата і дарам!
Так рахманыя лотафагі ахейцаў міла сустрэлі:
"Калі ласка, еш, хоць лопні, наш лотас салодкі і смачны,
Яго ў нас колькі трэба, ды яшчэ з вялікаю горкай!"

Калі лотас заморскі той паспрабуеш, а гэтаксама -
Іншыя там крэнту мэнту, то жыць так прыязна ды добра,
Што лаяць забудзеш злашчаснага пана, бо сам стаў панам,
і болей нічога не трэба. Дзякуй шматмудрыя богі!
Кажуць ахейцы з партэйцамі: "Мы нікуды ўжо не паедзем,
ляжам у цянёчку, паспім, пяройдзем на сонца, пад'ямо,
А з лотаса выганім брагу, нам не да вашых прыгодаў
Навукі, апавяданняў і вершаў. Ай, малайцы лотафагі!"

Здаецца, усё было б добра, калі б не цыклопы -
То веліканы, з адным толькі вокам, як зорка чырвоным,
Што пасвяць коз і баранаў, ды часам любяць людзей есці,
Малаком праганяючы козім, а лепей віном ці гарэлкай.
Калі да яго трапіш у пячору, называйся Нікім,
Маўчы, мані, адмаўляйся, а як стоміцца той, дык яму
Асмолены кол ці які-небудзь аполак забі ў вока
Адзінае і хутчэй уцякай, толькі, крый бог, не кайся!

Далей Адысей напаткаў Эолію, царства Эола,
Дзе атрымаў мех чароўны поўны розных кшталтаў вятрамі.
І толькі адзіны з іх вецер зефірны дьзмуў куды трэба.
Астатніх, ша! не кранай! Але ж сквапнасць ці марна цікаўнасць,

І ты ізноў пачынаеш з пачатку. Мая ты Радзіма!
Колькі ветраў з колькіх напрамкаў гулі, цябе абдувалі?
Як той вецер зефірны абраць адзіны, роўны, надзейны,
Каб нёс-гнаў нашы лоддзі дадому, не зрываючы ветразь?

А замала было цыклопаў, дык на яшчэ - лестрыгоны,
Тыя зусім без прэлюдый пачалі нанізваць як рыбін
Спадарожнікаў Адысея, каб абыякава сжэрці.
З тузіна статкаў толькі адзін карабель уратаваўся.
Мусіць таму, што быў схаваны ды да ўсяго быў гатовы.
Вельмі падобна на тое, як пасля злавесных трыццатых
З пятнаццаці правадзейных сяброў Інбелкульта ўдваёх
Засталіся, два народных паэты Купала і Колас.

Вось мы дасяглі выспы чараўніцы Цырцэі ля Талькі.
Папярэднія адкінуўшы метамарфозы і страсці
Трывогі, страхі, жахі, хваробы, цэлае лецейка
Нас песцілі слаўна чатыры німфы-служанкі Цырцэі:
Талька - слаўная рэчка, што бруіцца павольна гульліва,
у ёй русалка – німфа рыб, што у яме клёва чакаюць,
Ды ў светлым талькаўскім лесе гукаюць і вабяць дзве німфы:
Чараўніца суніц - чарніц і белых грыбоў гаспадыня.

А далей па загаду Цырцэі мы павінны спусціцца
Ў царства Аіда, дзе уладарыць страшная з ім Персефона.
Перакладаем на мову: шлях нам цераз Тальку у Загібельку,
Міма Рудні былой ды Смалярні былой, праз кепскі мосцік,
Праз балаціну. Тут усё былое – вёска, страж-леснічоўка,
Цяжкая праца, спраўная гаспадарка, скарб, прага, смага,
Грыбныя паходы, А былое смертны не ўбачыць, толькі
Неба, рэчку Тальку, векавыя дубы ды шчотку лесу.
Загібелька
Свіслач, Арэшкавічы
Юзаф-музыка
Кіпячка
Кіпячка
Блужскі Бор